Навуковае жыццё

Пачынаючы з 1999 года кожныя пяць год на базе Музея-бібліятэкі Сімяона Полацкага праводзіцца навуковая канферэнцыя «Сімяон Полацкі: светапогляд, грамадска-палітычная і літаратурная дзейнасць». Яна з’яўляецца адной з самых значных навуковых падзей для даследчыкаў з Беларусі і краін бліжняга замежжа.

Правядзенне канферэнцыі дазваляе гісторыкам, мовазнаўцам, краязнаўцам пазнаёміцца з апошнімі даследаваннямі жыцця і дзейнасці Сімяона Полацкага, яго творчай спадчыны, адзначыць уплыў Сімяона Полацкага на фарміраванне і развіццё ўсходнеславянскай культуры. Па выніках канферэнцыі друкуюцца зборнікі навуковых артыкулаў, з электроннымі версіямі якіх можна пазнаёміцца тут:

21–22 лістапада 2019 года падчас V міжнароднай навуковай канферэнцыі «Сімяон Полацкі: светапогляд, грамадска-палітычная і літаратурная дзейнасць» музею быў перададзены ўнікальны рукапіс – кандыдацкая дысертацыя беларускага даследчыка Міколы Іванавіча Прашковіча на тэму «Паэзія Сімяона Полацкага (Ранні перыяд – 1648–1664 гг.)». Праца гэта з’яўляецца першым айчынным даследаваннем, прысвечаным творчасці Сімяона Полацкага. Дысертацыя была паспяхова абароненая вучоным у 1965 годзе, аднак яна засталася неапублікаванай, а таму – не вядомай шырокай грамадскасці. На дадзены момант супрацоўнікі музея займаюцца навуковым вывучэннем рукапісу і падрыхтоўкай яго да друку.

Сёння вядзецца падрыхтоўка да VІ міжнароднай навуковай канферэнцыі, якая адбудзецца 20—21 лістапада 2024 года. Мерапрыемства будзе прысвечана даследаванням жыцця і творчасці Сімяона Полацкага ў кантэксце эпохі, аналізу ўплыву яго дзейнасці на сучасную культуру; праблемам этнаканфесійнага і сацыякультурнага развіцця Беларускага Падзвіння ў ХVI–ХVIII стст.; пытанням захавання, прэзентацыі і інтэрпрэтацыі помнікаў кніжнай культуры Беларусі ў музеях, бібліятэках і прыватных зборах. Запрашаем да ўдзелу даследчыкаў, чые навуковыя інтарэсы адпавядаюць тэматыцы канферэнцыі па наступных напрамках: гісторыя, археалогія, культуралогія, філасофія, этналогія, філалогія, мастацтвазнаўства, педагогіка, кнігазнаўства.

Кантактныя дадзеныя Аргкамітэта:
- тэлефоны для даведак:
Гаўрылава Славіна Вячаславаўна, кандыдат культуралогіі, загадчык філіяла +375 29 694-81-51
навуковыя супрацоўнікі +375 214 46-57-25

- электронная пошта: simeon.polotsk@museum.by.

З больш падрабязнай інфармацыяй можна азнаёміцца ў інфармацыйным лісце.