Музейная экспазіцыя

Музейная экспазіцыя праз дакументы, рукапісы і друкаваныя выданні распавядае пра жыццёвы шлях Сімяона Полацкага – славутага паэта і драматурга, педагога і асветніка, выдаўца і асабістага духоўніка маскоўскіх цароў.

Экспазіцыйная плошча музея складае 134,5 кв.м. Тут экспануецца 137 музейных прадметаў, сярод якіх рукапісы асобных вершаў і рукапісныя зборы вершаваных твораў асветніка, друкаваная прадукцыя заснаванай Сімяонам Полацкім у Маскве Верхняй друкарні, сучасныя навуковыя даследаванні яго спадчыны, а таксама найноўшыя перавыданні яго твораў.

Найбольшую каштоўнасць уяўляюць арыгінальныя выданні асветніка.


  •  «Жазло праўлення» (Масква, 1753).

У 1666 годзе адбыўся Вялікі Маскоўскі сабор, які судзіў патрыярха Нікана за самавольны сыход з прастолу. Сімяон Полацкі прымаў удзел у ім у якасці сакратара і перакладчыка ўсяленскіх патрыярхаў – александрыйскага Паісія і антыахійскага Макарыя. Яму ж даручылі па выніках сабора стварыць трактат «Жазло праўлення», скіраваны супраць царкоўнага расколу. У экспазіцыі прадстаўлена маскоўскае перавыданне гэтага твора 1753 года.


  • «Тэстамент» (Масква: Верхняя друкарня, 1680).

Сімяон Полацкі разумеў выключную важнасць кнігадрукавання ў справе распаўсюджвання асветы, таму ў 1679 г. з дазволу цара Фёдара ён заснаваў у Маскве Верхнюю друкарню. Адным з першых выданняў друкарні стала кніга «Тэстамент» – лісты цара грэчаскага Васіля да свайго сына Льва Філосафа. Сімяон Полацкі выступіў не толькі ў якасці выдаўца, але і перакладчыка з грэчаскай мовы, а таксама аўтара прадмовы да кнігі.


  • «Вячэра душэўная» (Масква: Верхняя друкарня, 1683).

Як асоба духоўная, Сімяон Полацкі меў права настаўляць людзей на іх жыццёвым шляху. Прамоўніцкая спадчына Сімяона Полацкага склала каля дзвюх соцень пропаведзяў. Частка з іх увайшла ў зборнік «Вячэра душэўная», што быў надрукаваны ў Верхняй друкарні ў 1683 годзе.