Творчая сустрэча з фіналістамі літаратурнай прэміі "Дэбют"


3 чэрвеня ў Музеі беларускага кнігадрукавання прэзентуюць кнігі найлепшых маладых пісьменнікаў. Полацк наведаюць Уладзімір Садоўскі, Сюзанна Паўкштэла, Андрэй Дзічэнка, Надзея Кім, Міхал Бараноўскі. Яны прадставяць свае першыя кнігі. Усе аўтары сёлета сталі фіналістамі прэміі “Дэбют” імя Максіма Багдановіча.

Сустрэча пройдзе ў Музеі беларускага кнігадрукавання (Полацк, вул. Ніжне-Пакроўская, 22). Пачатак а 15 гадзіне. Уваход вольны.

Прэмія “Дэбют” імя Максіма Багдановіча – літаратурная прэмія, заснаваная ў снежні 2010 года Саюзам беларускіх пісьменнікаў, Беларускім ПЭН-цэнтрам і мецэнатам Паўлам Падкарытавым (Бераговічам). Першае ўручэнне прэміі адбылося на наступны год. З 2014 года да арганізатараў “Дэбюту” далучыўся дабрачынны фонд “Вяртанне”. Прэмія ўручаецца ў трох намінацыях, у якіх працаваў Максім Багдановіч, — “Проза”, “Паэзія”, “Мастацкі пераклад”. Лаўрэатамі станавіліся Андрусь Горват, Анатоль Івашчанка, Ганна Янкута, Таццяна Нядбай, Віктар Марціновіч, Віталь Рыжкоў, Наталля Харытанюк і іншыя.