Падарунак Музею

Музей-бібліятэка Сімяона Полацкага вельмі ганарыцца шырокімі сувязямі з навукоўцамі і даследчыкамі з розных краін свету, дзякуючы якім фонд і навуковая бібліятэка рэгулярна папаўняюцца новымі выданнямі. Так, апошнім часам навуковыя супрацоўнікі Музея атрымалі дзве кнігі з Украіны.

Адна з іх – “Проповіді Лазаря Барановича в дискурсі украïнського бароко” – манаграфія, прысвечаная даследванню пропаведзяў архіепіскапа Чарнігаўскага і Ноўгарад-Северскага Лазара Барановіча. Яго кніга “Меч духовный” прадстаўлена ў экспазіцыі Музея-бібліятэкі Сімяона Полацкага. Аўтарам манаграфіі з’яўляецца Алена Матушак, удзельніца ІІІ Міжнароднай канферэнцыі, прысвечанай Сімяону Полацкаму, якая адбылася ў Полацку ў 2009 годзе. Другая кніга – “Друкарів захоплено в Полоцьку” – рабочая гіпотэза ўкраінскага даследчыка Рамана Дзюбана, які займаецца вывучэннем праблем пачатковага этапа станаўлення ўсходнеславянскага кнігадрукавання. Абедзве кнігі даступныя для азнаямлення ў навуковай бібліятэцы НПГКМЗ.

679