Музей-бібліятэка Сімяона Полацкага

У будынку былой Брацкай школы, паміж залаў Музея беларускага кнігадрукавання, размясціўся яшчэ адзін з музееў Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка — Музей-бібліятэка Сімяона Полацкага. Ён аформлены па інтэр’еру заходнееўрапейскай бібліятэкі XVII–ХVІІІ стст. — двухузроўневае размяшчэнне кніжных шафаў, бюсты вучоных і філосафаў, чытальная зала і пасярэдзіне — глобус (самы вялікі на Беларусі ).
Па-мастацку аформіў гэтую ідэю полацкі мастак І. Куржалаў.
Экспазіцыя расказвае аб розных перыядах жыцця і дзейнасці Сімяона Полацкага: самы ранні полацкі перыяд, гады вучобы ў Кіеве і Вільні, маскоўскі перыяд жыцця.

Значнае месца ў музейнай экспазіцыі адводзіцца літаратурнай і выдавецкай дзейнасці Сімяона Полацкага. На музейных вітрынах размясціліся арыгіналы яго кніг: «Жезл правления» (1753 г.), «Тестомент» (1680 г.), «Вечеря душевная» (1683 г.), кнігі XVII–ХVІІІ стст., копіі рукапісаў асветніка, яго фігурныя вершы ў стылі барока, а таксама працы сучасных навукоўцаў, прысвечаныя жыццю і дзейнасці славутага палачаніна.

Музей быў адкрыты 25 сакавіка 1994 г. Экспазіцыйная плошча — 134,5 кв. м. Экспануецца 145 музейных прадметаў. Акрамя таго, тут захоўваецца частка калекцыі друкаваных выданняў з фондаў Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка і фонд навуковай бібліятэкі. Працуе чытальная зала на 10 месцаў.

У памяшканні музея-бібліятэкі праходзяць розныя прэзентацыі, сустрэчы з вядомымі паэтамі і пісьменнікамі, навуковыя канферэнцыі.